Архив
2930311234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293012
Раман за калючым дротам
Опубликовано: 11.05.2015

Беларуская літаратура засведчыла сябе ў свеце як літаратура перадусім ваеннай тэмы. Прычым яна далёка не вычарпаная, хоць кожны пісьменнік, які звяртаецца да яе, маючы за сабой багатую і плённую традыцыю, адчувае асаблівую адказнасць перад чытачамі і папярэднікамі — бліскучай плеядай беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў. Адзін з сучасных празаікаў Беларусі Мікалай Чаргінец не раз выказваў пакланенне перад гераізмам загінуўшых і адначасова трапяткую ўдзячнасць старэйшым калегам, многія з якіх — Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, — былі яго сябрамі.

У рамане «Аперацыя “Кроў”» М.  Чаргінец аднаўляе трагічныя эпізоды Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі, уздымаючы праблемы экзістэнцыйныя. У яго кнізе асобны чалавек з яго не­ паўторным духоўным светам супрацьстаіць пачварнай, непадуладнай розуму машыне разбурэння і вынішчэння жыцця.

Напал супраціўлення і барацьбы па меры разгор­ твання сюжэта ўзрастае паступова і ў кульмінацыі выбухае шэрагам паспяховых аперацый абаронцаў Айчыны.

Раман глыбока драматычны, пра што сведчыць і яго назва. Звычайная для твораў М.Чаргінца прыгодніцкая напружанасць працята трагізмам, бо гаворка ідзе пра дзяцей. Героі — і дзеці, і дарослыя — не проста бя­дуюць ва ўмовах акупацыі — яны пастаянна на мяжы пагібелі. Матыў паядынку — фізічнага ці інтэлектуальнага — дарослых герояў, характэрны для твораў ваеннай тэмы, у рамане абцяжараны абрынутымі на людзей жахлівымі абставінамі генацыду.

Раман «Аперацыя “Кроў”» структурна складаны. Пры гэтым простасць і традыцыйнасць экспазіцыі раманнага дзеяння толькі падкрэсліваюць трагізм наступных падзей,  якія ствараюць разгалінаваны сюжэт з мноствам персанажаў.

У экспазіцыі аўтар сведчыць, што жылі на вуліцы Старажоўскай у Мінску, вакол аднаго двара, тры сям’і: дзве яўрэйскія — Левіных і Рабіновічаў — і адна беларуская — Статкевічаў. Усе сем’і працоўныя, шмат­ дзетныя. Паміж сабою надзвычай дружныя. Мірнае і ўвогуле шчаслівае быццё простых людзей кардынальна перамянілася пасля прыходу захопнікаў. Адразу пачаліся аблавы, вобыскі і арышты. Сем’і  Левіных і Рабіновічаў  забралі ў гета.

У Беларусі  акупанты арганізавалі больш як сто лагераў смерці  для яўрэяў. З іх самы вялікі — у Мінску: тут забіта больш як сто тысяч чалавек. Кніга М. Чаргінца аднаўляе абставіны жыцця і барацьбы яўрэяў у мінскім гета. Раман, заснаваны на дакументальных фактах і прасякнуты асабістым пачуццём шкадавання і горычы, — яскравы дакумент, што прад’яўляецца сёння ўсім, хто адмаўляе Халакост, — не толькі асобным людзям, але і некаторым краінам, на шчасце, нешмат­ лікім. Халакост быў! Кашмарныя формы і асабліва вялікі маштаб ён прыняў на тэрыторыі акупіраванага фашыстамі СССР. Як піша М. Чаргінец, «асаблівасцю Беларусі з’яўляецца тое, што яна выбрана як месца знішчэння яўрэяў з Заходняй Еўропы. Сюды прывезлі яўрэяў з Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Галандыі, Венгрыі і з іншых краін». (Тут і далей пераклад з рускай мовы мой. — Т. Ш.) Акрамя таго, Мінск так хутка, за некалькі  дзён, быў заняты немцамі, што шмат якія мясцовыя яўрэі не паспелі  эвакуіравацца. Яны ўсе апынуліся ў гета.

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун гаворыць пра тое, «наколькі неспасцігальным з’яўляецца  Халакост нават сёння. Жорсткасць была непамернай, маштабы злачынстваў — велізарнымі, нацысцкі светапогляд — паталагічны да крайнасці, а забойствы — добра арганізаванымі і прадуманымі». Усё гэта аднаўляе М. Чаргінец, паказваючы людзей, якія трапілі ў машыну смерці. Раман цяжка чытаць — і ў той жа час ад яго немагчыма адарвацца: ён трымае ў напружанні да канца.

Мінскае гета — раён невялікіх мураваных домікаў, кварталы каля вуліцы Нямігі, гістарычны цэнтр горада. У рамане паўстаюць карціны існавання людзей у найцяжэйшых, абсалютна невыносных, асабліва для дзяцей, умовах. Неверагодная цесната, голад, пастаянны страх за сваё жыццё і жыццё родных. «Праз два-тры дні вобыскі, пагромы, рабаванне ўпрыгожанняў, футра, адзення, абутку, пагрозы расстрэлаў. Гэта былі не проста пагрозы. Кожны дзень у гета чуліся выстралы, па пяць-шэсць разоў на дзень машыны-душагубкі адвозілі дзясяткі людзей».

Аднак і ў такіх нечалавечых умовах людзі не здаваліся. Вядома, што антыфашысцкае мінскае падполле ўпершыню заявіла пра сябе менавіта ў гета. Была наладжана сувязь паміж партызанскімі атрадамі і гета, адкуль здараліся ўцёкі. Тыя, каму пашанцавала збегчы, папаўнялі партызанскія атрады вакол горада.

Паказаўшы асобныя эпізоды дзейнасці падпольшчыкаў у гета, аўтар у далейшым пашырае сюжэтную прастору твора. Арыгінальнай асаблівасцю рамана з’яўляецца яго шматпадзейная завязка. Частка такой завязкі — сутыкненне Міхаіла Левіна з былым знаёмым, здраднікам Ліпковічам, які ў далейшым не раз з’явіцца на старонках кнігі. Не абыходзіць увагай аўтар і злавесную «дзейнасць» намесніка Гітлера на Беларусі — гаўляйтара Кубэ, аднаго са стваральнікаў тэхналогіі масавых забойстваў.

Раман маштабны. Не раз дзеянне перамяшчаецца з Мінска ў лясныя партызанскія зямлянкі і ў Маскву — на пасяджэнні высокіх штабоў. У гэтым выпадку пісьменнік аднаўляе не толькі абмеркаванні важных стратэгічных пытанняў, але і прыводзіць некаторыя статыстычныя дадзеныя, якія ўвогуле варта згадваць часцей. Так, у кнізе адзначаецца, што на пачатак 1944 года на тэрыторыі рэспублікі немцы стварылі 260 лагераў смерці. «Карнікі знішчылі не менш як пяць тысяч населеных пунктаў, больш за пяцьсот з іх знішчаны разам з жыхарамі. <…>Фашыстамі забіта ў нашай Беларусі больш за два мільёны чалавек, каля паловы мільёна вывезены ў рабства ў Германію». Гэта беспрэцэдэнтна. І ў той жа час нідзе так апантана, як у Беларусі, народ на супраціўляўся акупантам. «На тэрыторыі БССР, — піша М. Чаргінец, — партызанскі рух — агульнанародны. Колькасць байцоў партызанскіх атрадаў каля 400 тысяч чалавек, яны ўваходзяць у 1255 атрадаў». Кіраўнікі аднаго з блізкіх да Мінска падраздзяленняў якраз і дзейнічаюць у рамане.

Не раз па ходзе сюжэта дзеянне ад дарослых персанажаў перамяшчаецца да дзяцей, пад­леткаў, маладых людзей. Старэйшая з дзя­ цей беларускай сям’і Статкевічаў, сямнаццацігадовая Жэня, партызанская сувязная, упарта імкнецца да­ ведацца пра лёс суседзяў, якія для яе па-сапраўднаму блізкія людзі. Толькі ў 1943 годзе ёй удаецца трапіць на тэрыторыю гета, а ў далейшым і выратаваць малодшую з Рабіновічаў, трохгадовую Элу. Як гэта адбывалася, аўтар апісвае падрабязна і выключна праўдзіва. Яўрэяў у гета, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей, ганялі на цяжкія работы ў горадзе. У раёне Заходняга моста калону сустракалі жыхары горада, імкнучыся перадаць знаёмым яўрэям што-нішто з харчу. Бывала, што з калоны выскоквалі дзеці і хаваліся ў натоўпе. Праўда, вечарам яны звычайна вярталіся да бацькоў. «Але канвойныя ўважліва сачылі, каб з калоны не выскоквалі дзеці, меншыя за шэсць гадоў. Такіх дзяцей бацькі, прадбачачы жахлівы канец, імкнуліся перадаць любому чалавеку». Так і Марыі Рабіновіч удалося кінуць маленькую Элу на рукі Жэні. Тая, збягаючы, сутыкнулася з паліцэйскім, што было вельмі небяспечна. Але ім аказаўся яе былы аднакашнік Лёнька Цвяткоў. Леанід  дапамагае Жэні схавацца. Эла пачынае расці ў сям’і Статкевічаў. Дваіх дзяцей Левіных таксама выратоўваюць, але астатнія члены сям’і гінуць у гета... Маладыя людзі Жэня і Леанід паступова робяцца галоўнымі героямі рамана.

Леанід уцягваецца ў падпольную барацьбу. Па меры чытання рамана можа скласціся ўражанне, што Леанід  — нешта кшталту «супермена»: усе акцыі яму ўдаюцца лёгка, больш за тое, у канцы ён атрымоўвае прапанову ад абодвух бакоў стаць спецыяльным агентам. Аднак прыгодніцкія сітуацыі ў рамане зусім не супярэчаць праўдзе жыцця, а тым больш праўдзе вайны. Сапраўды, сустракаліся сярод байцоў асабліва ўдачлівыя і разведчыкі, і ўзрыўнікі, і снайперы. Бывала, што ў экстрэмальных сітуацыях праяўляліся такія здольнасці чалавека, пра якія ён і сам не ўяўляў. Што ж да Леаніда, то аўтар, ідучы за жыццём, паказвае паступовасць перараджэння героя — пад уплывам Жэні, якая ў фінале робіцца яго жонкай, і галоўным чынам пад уплывам страшных абставін вайны, тых жахлівых імператываў, якія абрынуліся на самых звычайных людзей і патрабавалі ў рэшце рэшт абавязковасці маральнага выбару. У маленстве гарэзлівае дзіця (а такія і робяцца ў дарослым жыцці героямі авантурных прыгод), Леанід паступова прызвычайваецца абдумваць усё бачанае і пачутае, кожны свой крок аналізаваць, прагназаваць магчымыя наступствы ўчынкаў. Так загартоўваўся характар.

Дзейнасць Леаніда ў многім дапамагла партызанам правесці адну з самых сваіх удалых акцый — выратаваць дзяцей з дзіцячага лагера смерці ў Сёмкаве.

У савецкім інтэрнаце Сёмкава, размешчаным у былым маёнтку магнатаў, немцы арганізавалі патаемную станцыю для забірання крыві ў дзяцей, каб пераліваць сваім параненым салдатам. Пастаянныя заборы крыві даводзілі дзяцей да смерці, а потым іх або хавалі прама ў маёнтку, або адвозілі ў печы лагера смерці Трасцянец. Партызаны разам з дасвед­чанай разведчыцай з Масквы распрацавалі аперацыю па выратаванні дзяцей, якой далі кодавую назву «Кроў». Правядзенне аперацыі было надзвычай складанай задачай: мястэчка знаходзілася паблізу Мінска ў акружэнні шматлікіх нямецкіх гарнізонаў, пад аховай латышскіх, літоўскіх і ўкраінскіх паліцыянтаў, якія адрозніваліся асаблівай жорсткасцю. У пасляслоўі рамана «Ад аўтара» М. Чаргінец называе іншыя дзіцячыя канцлагеры ў Беларусі.  Але Сёмкава — адзін з найбольш буйных, куды  пастаянна дзяцей прывозілі таксама і з гета.

Аперацыя была распрацаваная надзвычай скрупу­ лёзна. М. Чаргінец у рамане звяртае ўвагу на ўсе яе аспекты, дэталі, прапрацоўку  ўсіх  магчымых сітуацый. І акцыя скончылася бліскуча: выратавалі і вывезлі ў Маскву пяцьсот дзевятнаццаць дзяцей.

Творчую манеру пісьменніка характарызуе надзвычайная ўвага да падрабязнасцей побыту і ваенных дзеянняў. Такая ўвага да дробязей, дакладнасць, фактаграфічнасць дазваляюць аўтару вырашаць некалькі эстэтычных задач: па-першае, аднавіць антураж дзеяння, па-другое, па-мастацку ўзбуйніць маштаб падзей, паказаць іх незвычайнасць, па-трэцяе, псіхалагічны аналіз  як бы растварыць у апісаннях, што характэрна менавіта для беларускай школы раманістыкі. У апавяданне ўводзяцца тыя субстанцыяльныя падрабязнасці жыцця, без якіх не можа быць гэтага жыцця. І не можа быць яго разумення. Шырокі ахоп рэчаіснасці ваенных гадоў, разгорнутае эпічнае апавяданне арганічна зліваюцца ў рамане з публіцыстычным пафасам пісьменніка, яго цікавасць да гістарычнай дакументальнасці — з вострым пачуццём  сучаснасці. Мікалай Чаргінец напісаў сюжэтна цікавы і яркі твор. 

ЛіМ, №9, 2014

Автор: Таццяна ШАМЯКІНА
Коментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код: