Архив
2526272829301
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
303112345
Думкі і клопаты напярэдадні з’езду

Саюз пісьменнікаў Беларусі рыхтуецца да з’езду, які плануецца правесці ў кастрычніку 2011 года. Не будзе памылкай сказаць, што ў той ці іншай ступені ў нецярплівым чаканні гэтай нешараговай падзеі знаходзяцца ўсе члены пісьменніцкай арганізацыі, маючы пэўныя спадзяванні і мары, рыхтуючы, магчыма, да з’езду выступленні і пытанні, жадаючы ўнесці канструктыўныя прапановы наконт далейшай дзейнасці Саюза пісьменнікаў. А вось чаго чакае ад з’езду кіраўнік Саюза, яго старшыня Мікалай Іванавіч Чаргінец? Ён згадзіўся пагаварыць з намі на гэтую тэму.

 

— З’езд — гэта заўжды падвядзенне нейкіх вынікаў папярэдняй дзейнасці. Мы будзем распавядаць пра тое, чаго ўдалося нам дабіцца за шэсць апошніх гадоў, і пра тое, што пакуль не атрымалася.

— Шмат чаго не атрымалася?

— Ва ўсялякім разе, і я сам як старшыня, і мае калегі па прэзідыуме не могуць сказаць, што мы цалкам задаволены работай Саюза. Многіх праблем нам не ўдалося пазбегнуць, шэраг задач, якія мы ставілі перад сабою, засталіся нявырашанымі. Па-першае, мы не здолелі выдаць усё тое, што хацелі — пэўна, некаторыя пісьменнікі крыўдуюць, што пакуль так і не пабачылі выдадзенымі сваіх новых кніг. Аднак прычыны тут не столькі суб’ектыўныя, колькі аб’ектыўныя. Зразумела ж, як цяжка сёння прымаюць рукапісы новых твораў нашы выдавецтвы.

— На перадвыбарных сходах рэгіянальных арганізацый СПБ пісьменнікі шмат наракалі на працу выдавецтваў. Маўляў, не разумеюць там сапраўднай патрэбы грамадства ў іх кнігах…

— Тут трэба разважліва паставіцца да гэтай крытыкі і выдаўцам. Як у РВУ “Літаратура і Мастацтва”, так і ў “Мастацкай літаратуры”, так, магчыма, і ў іншых выдавецтвах… Пісьменнікі працуюць, пішуць новыя творы, а праходзяць гады — і ўсё застаецца толькі ў рукапісах. Але ж і час сёння такі, што аснову дзейнасці выдавецтваў складаюць прынцыпы гаспадарчага разліку. Уклалі грошы ў паперу, заплацілі друкарам, а яшчэ ж і афармленне кнігі, праца выдавецкіх рэдактараў, падаткі… таму і цэны такія, што часам пакупніку падаюцца надзвычай высокімі. Надышоў момант, калі кніга пераўтвараецца ў тавар, прадмет гандлю, а забываецца тое, што яна нясе ў сабе духоўныя задачы. Як выйсці са становішча? Міністэрства інфармацыі, урад размяркоўваюць пэўную дзяржаўную датацыю. Выдавецкія планы зацвярджаюцца з удзелам Саюза пісьменнікаў. Летась міністэрства інфармацыі стварыла экспертны савет, які ўплывае на фарміраванне планаў. І мы стараемся ўплываць на яго работу, і бібліятэкары, з якімі пісьменнікам, асабліва — у рэгіёнах, раю сябраваць, таксама выказваюць свае заўвагі, перадаюць на экспертным савеце запатрабаванні чытачоў.

— А ад чаго залежыць поспех кнігі? Ад “раскручанасці” аўтара? Гэтага цяжка іншы раз дабіцца і творцы сталага веку. А што ж казаць пра моладзь!

— Вось менавіта па гэтай прычыне большасць выдавец­тваў адмаўляюцца ад выдання маладых, нікому не вядомых аўтараў. Ды і дарослых, калі імёны іх не гучаць паўсюдна. Але ў той жа час зусім ужо крыўдзіцца нашым пісьменнікам, пэўна, не варта. Кнігі членаў Саюза пісьменнікаў з’яўляюцца, іх даволі многа. І гэта далёка не заўжды выданні за кошт саміх аўтараў. Саюз пісьменнікаў добра супрацоўнічае з выдавецтвам “Харвест”, праз якое мы выдаём серыю “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Выйшла ўжо каля 60 тамоў — да з’езда будзе, пэўна, пад 80. “Харвест”, між іншым, і моладзь выдае. Рызыкуе. Але робіць гэта, разумеючы, што трэба даваць юнакам дарогу, трэба запальваць на літаратурным небасхіле новыя імёны.

Добра кантактуем і з выдавец­твам “Чатыры чвэрці”. Дырэктар гэтай установы Ліліяна Фёдараўна Анцух пайшла насустрач пісьменнікам. Друкуе нашы кнігі без гарантыі, што яны будуць выкуплены, так, як ад нас патрабуюць, напрыклад, некаторыя іншыя выдавецтвы. Сумесна “Чатыры чвэрці” і сталічная пісьменніцкая арганізацыя, якую ўзначальвае Міхась Пазнякоў, распачалі Серыю Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У серыі гэтай выйдуць дзясяткі кніг нашых сталічных аўтараў.

А яшчэ мы вельмі ўдзячныя абласным органам улады за тое, што яны падтрымліваюць нашых брэсцкіх, гомельскіх, магілёўскіх, віцебскіх, гродзенскіх пісьменнікаў; дапамагаюць вырашаць абласным пісьменніцкім арганізацыям іх фінансавыя праблемы, субсідзіруюць выданне найбольш цікавых кніг рэгіянальных аўтараў. Я думаю, у іх адрас прагучыць на з’ездзе нямала добрых слоў.

— Вернемся да праблем маладых аўтараў. Выданне кнігі — гэта ж нейкі ўжо адпаведны этап, да якога пачаткоўцу яшчэ трэба дайсці. І на шляху гэтым проста неабходны настаўнікі-прафесіяналы…

— На з’ездзе, вядома, прагучыць крытыка, што трэба нам быць больш адказнымі за выхаванне моладзі. Таленавітых сярод іх нямала. Трэба з імі шчыльна працаваць. У школьных літаратурных гуртках, у паэтычных клубах ВНУ. Спрабуе хлопец ці то дзяўчына прыладзіцца сваімі творамі да літаратуры — ужо да іх павінна быць павышаная ўвага. Створаны ў нас з мэтай падрыхтоўкі прадстаўнікоў новага пакалення Савет па справах моладзі. Ёсць і секцыя моладзевай літаратуры. Але справа ідзе марудна. Актыўна з маладымі людзьмі працуе, калі мяне не падводзіць памяць, пакуль што толькі Міхась Башлакоў. І мы яму надта ўдзячныя за тое.

— Але ў нас жа ёсць і выданне для тых, хто толькі пачынае крочыць у вялікую літаратуру, — часопіс “Маладосць”. Як вы расцэньваеце працу калектыву гэтага выдання?

— Мы чакаем ад часопіса “Маладосць”, што ён стане цэнтрам для маладых аўтараў, дапаможа знайсці найбольш таленавітую моладзь і ўключыць яе ў літаратурны працэс. Сёння мы ставім пытанне пра тое, што літаратурныя часопісы нашы, сузаснавальнікам якіх з’яўляецца Саюз пісьменнікаў Беларусі, павінны служыць адначасова і своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай, дзе будуць агучвацца новыя імёны пісьменнікаў. І часопісы будуць браць на сябе рызыку друкаваць іх творы. Нічога страшнага няма, калі нават акажацца, што памыліліся. Нам патрэбны новыя таленты, новыя імёны. І толькі такім спосабам мы можам іх атрымаць.

— На з’ездзе, безумоўна, будзе весціся гутарка пра ролю пісьменнікаў у нашым грамадстве. А вось ці сапраўды грамадства, заклапочанае вырашэннем матэрыяльных і сацыяльных праблем, мае вялікую патрэбу ў чытанні кніг?

— Ці памятаеце, пісьменнікаў раней любілі называць “інжынерамі чалавечых душ”? Гучала, можа, і вычварна, але ж так яно, калі разабрацца, на самой справе і было. І ёсць. Вось чалавек апынаецца ў цяжкім становішчы, перад нялёгкім выбарам, сам-насам з бядой, адзінотай, непаразуменнем. Калі патрапіцца яму ў рукі ў гэты час належная кніга, якая праз мастацкі вобраз і сімвал растлумачыць, што адбылося, чаму, як варта паводзіць сябе ў складанай сітуацыі, як не згубіць самога сябе, выправіцца чалавек, перажыве свой крызіс, з верай у лепшае пойдзе далей па жыцці. Вось якая важная ў пісьменніка задача. Вось якая адказнасць перад грамадствам. Вакол нас — вялікая колькасць людзей, якія чакаюць ад пісьменніка добрых твораў і добрых парад.

— Але пісьменнікі — гэта толькі людзі. Яны бываюць рознымі. У кожнага свой светапогляд, сваё стаўленне да рэчаіснасці. Ці кожны можа стаць такім дарадцам для сваіх сучаснікаў?

— Не кожны. І асабліва важна прасачыць, каб моладзь наша, школьнікі не аказаліся пад уладай такога настаўніка жыцця, вучэнне якога сумнеўнае. На з’ездзе мы не абыдзем такое пытанне, як падрыхтоўка падручнікаў і дапаможнікаў па літаратуры і мове для школ. Іншы раз укладальнікі іх проста злоўжываюць даверам грамадства і спрабуюць увесці такія творы і ўрыўкі з твораў, якія, скажам, не адпавядаюць духу часу, ідуць насуперак нацыянальнай ідэі нашай краіны, падрываюць сапраўдны дух патрыятызму, змешваюць паняцці праўды і няпраўды, дабра і зла, таленту і шараговасці. І дарэчы, дзейнасцю такой займаюцца ж граматныя людзі. Можа, яны чымсьці пакрыўджаныя? Можа, не разумеюць да канца таго, што робяць? Трэба, пэўна, калегіяльна абмяркоўваць такія дапаможнікі і падручнікі з запрашэннем аўтараў.

— Можа, справе адбору сапраўды лепшых твораў дапамаглі б літаратурныя крытыкі?

— Вось стварылі мы пры Саюзе пісьменнікаў спецыяльную секцыю крытыкі. Пахваліцца пакуль няма чым. Але ж калі інстытут крытыкі не ўзнікне, то нам цяжка будзе гаварыць пра прагрэс у літаратуры. Ёсць, безумоўна, сёння ў беларускай літаратуры пэўныя імёны, вакол якіх мог бы згуртавацца касцяк новай літаратурнай крытыкі. Але пакуль гэтага мала. І вось, стварыўшы новую кнігу, аўтар часта аказваецца ў нейкай зоне маўчання. Сябры, канечне, пахваляць, апаненты — бывае такое — абразліва, па-хамску аблаюць. А дзе ж тая разважлівая, няхай строгая, але справядлівая крытыка? У кожнага літаратара бываюць творчыя ўдачы, якія варта заўважыць, і памылкі, на якія трэба ўказаць. Але не зларадна, а так, каб не разбуралася крохкая душа творцы. Каб, наадварот, крытыка стварала перадумовы для таго, каб наступны твор пісьменніка быў лепшым. Мы пакуль гэтага, па вялікім рахунку, не ўмеем рабіць.

— Як ідзе непасрэдная падрыхтоўка да з’езду? Гавораць пра грандыёзнае мерапрыемства міжнароднага ўзроўню.

— Мы хочам, каб на з’езд прыехалі ўсе нашы пісьменнікі. Гэта звязана з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі, але мы спрабуем іх пераадолець. Каб паспяхова падрыхтавацца, стварылі аргкамітэт. У яго акрамя кіраўніцтва СПБ увайшлі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. 9 чэрвеня прайшло першае наша пасяджэнне. Адно з пытанняў, якія мы разглядалі, — прыём дэлегацыі замежных пісьменніцкіх арганізацый. У нашага Саюза ўсталяваліся сяброўскія стасункі з 21 такой пісьменніцкай арганізацыяй. Таму замежных гасцей будзе шмат. Трэба прадумаць для іх праграму, бо людзям будзе цікава не толькі папрысутнічаць на нашым з’ездзе, паслухаць выступленні нашых літаратараў, але і пазнаёміцца з нашай краінай. І мы як гасцінныя гаспадары мусім дапамагчы ім у гэтым. Хацелася б паказаць нашы славутыя гістарычныя мясціны — Нясвіж, Мір, Полацк. Для ўсіх народаў былога Саюза будзе цікавым наведанне Брэсцкай крэпасці. Паэтаў натхніла б наша непаўторная прырода — Белавежская пушча, Браслаўскія азёры. Мы будзем абдумваць экскурсійна-культурную праграму для гасцей, зыходзячы з таго, што зможам зарабіць. Між іншым, пашырэнне сувязей з пісьменнікамі іншых краін — адзін з самых важных на сёння напрамкаў дзейнасці нашай арганізацыі. З некаторымі калегамі мы ўжо даволі паспяхова рэалізуем дамову аб узаемным выданні лепшых узораў літаратуры. На Беларусі выдаваліся кнігі турэцкіх, казахскіх, таджыкскіх пісьменнікаў, у іх краінах — нашы творы. І гэта цудоўна. Асаблівае месца ў нас займае пытанне дзейнасці Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Мы стварылі яго з нашымі калегамі з Расіі, ідэю гэтую падтрымалі нашы прэзідэнты, Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў — даслалі нам віншавальныя тэлеграмы. Атрымалі мы пасланне ад патрыярхаў Кірыла і Філарэта. І нават ад цэлага шэрагу вядомых людзей у Расіі, якія выразілі задавальненне ад таго, што пісьменнікі першымі зрабілі крок да зносін Расіі і Беларусі праз літаратуру. Гэтае яднанне — сапраўды ўнёсак у справу мацавання дружбы народаў абедзвюх краін, і мы ім надта даражым.

 

Автор: Ирина Масляницына