Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
272829303112
3456789
10111213141516
17181920212223
2425262728291
Космас Мікалая Чаргінца

Перад намі на стале альбомы з фотаздымкамі – колькі іх, пяць, шэсць? Здаецца, мы бясконца гартаем акуратна, з любоўю аформленыя старонкі, на якіх, адснятыя яшчэ, пэўна, славутымі Савецкімі “Зенітамі” чорна-белыя фотаздымкі – кавалкі не такой ужо і далёкай ад нас, але ўжо стаўшай гісторыяй эпохі.

У кожнага з нас у душы жыве свой космас. Для старэйшых – гэта захоплена ўзнятыя ўгару твары – “Вунь-вунь, спутнік ляціць, глядзі ж ты, міргае!” і незвычайная радасць, незвычайны гонар за сваю Айчыну – “Мы ў космасе былі першымі!” Для зусім юных – гэта наварочаныя тэхнічна фантастычныя баевікі пра герояў-астранаўтаў. Для летуценных – таямнічае, як чалавечае каханне, зорнае неба. Для практычных – асяродак атрымання дакладных навуковых ведаў. У Мікалая Чаргінца, палітыка і пісьменніка, космас перш за ўсё – гэта адкрыты добры твар простай рускай жанчыны, маці першага касманаўта Зямлі, Анны Цімафееўны Гагарынай. Усе гэтыя альбомы з фотаздымкамі па большасці прысвечаны ёй, яе дружбе з сям’ёй Чаргінцоў.

 -- Яна прымушала захапляцца сабой усіх, хто яе ведаў, -- узгадвае Мікалай Іванавіч. – Простая, малаграматная жанчына, якая як быццам бы ўвабрала ў сябе мудрасць усіх маці. Стрыманая, спакойная… Рэдка каму ўдаецца пры праяўленні нахабства, чалавечай дурасці, пыхлівасці паўставаць па-над імі, трымаючыся ў годнасці. Яна – умела. Вось Анна Цімафееўна з унучкай сваёй Наташай. Наташа – пляменніца Юрыя Гагарына, дачка яго малодшага брата Барыса. Калі яна скончыла школу, мы ўжо даўно сябравалі сем’ямі – і да іх ездзілі ў госці, і прымалі ў Мінску. З’явілася думка – а ці не паспрабаваць Наташы паступіць у наш Інстытут замежных моў. Вырашыў я паказаць дзяўчынку рэктару. І паехалі мы ўтраіх – Наташа, Анна Цімафееўна і я на сустрэчу. Заходзім у рэктарскі кабінет і бачым – перад намі пыхлівая, самаўпэўненая чыноўніца. Нават паўстаць з крэсла насустрач такому вядомаму, такому паважанаму чалавеку, як маці Гагарына, не вырашыла патрэбным. Нават прысесці не прапанавала старой жанчыне. Але з парога пачала чапляцца да Наташы: “У нас не прынята занадта крыкліва апранацца!”

-- Маскоўскую моду не ацаніла?

-- Якая там маскоўская мода! Дзяўчынка, як памятаю, зусім сціпла выглядала – не разадзетая, не нафарбаваная. У нас вясковыя гэтак у сталіцу прыязджаюць. У Гагарыных жа ніколі ў сям’і культу адзення не было. Пачуў я тады, што начальніца кажа – сорамна стала. За тое, што гэта адбываецца ў нашым Мінску. Анна ж Цімафееўна – ні словам, ні рухам нават не выдала сваё здзіўленне, а можа, і абурэнне. Я здзівіўся яе вытрымцы.

-- Паступіла Наташа?

-- Паступіла. Калі пачулі яе французскае вымаўленне – у захапленне прыйшлі. “У нас так трэццякурснікі не заўжды размаўляюць!” А ў Наташы выкладчыцай ў школе была сапраўдная францужанка, з Францыі. І паступіла, і на “выдатна” скончыла інстытут, і ў Мінску засталася жыць пляменніца Гагарына. У яе цяпер двое дарослых дзяцей, а яна возіць замежныя экскурсіі па Беларусі…

Мікалай Іванавіч шмат распавядае пра сям’ю Гагарыных, у якіх маці, па ўсім відаць, была тым сонейкам, вакол якога рушылі па сваіх арбітах планеты-дзеці (у сям’і акрамя Юрыя былі яшчэ два брата – Валянцін і Барыс -- і сястра Зоя). І гэта менавіта Анна Цімафееўна прывучыла ўсіх задавальняцца тым, што ёсць і не патрабаваць сабе большага.

-- А жылі яны зусім небагата. Дом, той, дзе нарадзіўся Юрый, ператварылі ў музей. Для бацькоў пабудавалі насупраць жытло – не надта ўтульную, мне падаецца, невялічкую хатку. Пасля гібелі Гагарына нейкае пасобіе сям’я атрымоўвала – але ім яўна не хапала. Тым не менш, заўжды Анна Цімафееўна радавалася гасцям, Памятаю, вучыўся я ў Маскве на базе МВД. Калегі даведаліся пра маё блізкае знаёмства з маці Гагарына – папрасілі звазіць іх да яе. У дэлегацыю гэтую салідныя людзі патрапілі. Прыязджаем у Гагарын, а якраз Анна Цімафееўна дае чарговае інтэрв’ю тэлевізіёншчыкам. Пабачыла мяне, узрадавалася: усё, ніякіх больш інтэрв’ю – госці ў мяне! І давай насіцца, бегаць, шукаць, што б на стол выкласці, каб гэтых гасцей пачаставаць. Апошняе дастала! Дык з гэтых часоў я, як выпадала да яе ў госці ехаць, заўжды свой пачастунак браў.

-- Пра пакаленне Анны Цімафееўны і іншыя сведчаць – аскетычнае было, праз шмат якія выпрабаванні прайшло, умела цаніць галоўнае – жыццё.

-- І тым не менш, і яе равеснікі многія ішлі па інстанцыях, выбівалі сабе ільготы, патрабавалі павышанай ўвагі. Яна таксама выкарыстоўвала сваё становішча маці героя – і нярэдка. Але не для сябе і не для сваёй сям’і. У яе была свая асабістая пошта – вялікія імянныя канверты. Там так і было напісана: “Пошта маці касманаўта Юрыя Гагарына”. Пісалі ёй шмат. Розныя людзі з усіх куткоў Саюза. У асноўным дапамагчы прасілі. Упэўненыя былі, калі маці Гагарына заступіцца – абавязкова справа на іх карысць будзе вырашана. Ну і данімала яна мяне па знаёмству: то гэтаму чалавеку трэба дапамагчы, то другому. Я тады на кіраўнічай пасадзе быў. І рэальна мог дапамагчы. І дапамагаў. Думаю, гэтаксама праз іншых сваіх знаёмых Анна Цімафееўна вырашала праблемы і іншых сваіх карэспандэнтаў.

Здымкі бываюць афійцыйныя і сямейныя. На сямейных Анна Цімафееўна – весела ўсміхаецца, азартна “рэжыцца” у карты з маладым Чаргінцом “у дурачка”, дэманструе машыну сына Юрыя – ён надта любіў гэтую “Волгу” і яна захавалася, каб стаць пасля гібелі касманаўта экспанатам яго музея. На афіцыйных жа здымках маці Гагарына – статычная, забранзавелая, нібыта і не чалавек гэта зусім, а нейкі сімвал. Ды ж многія менавіта такой яе і ўспрымалі. Сімвалам мацярынства. Сімвалам ахвярнасці. Зусім як маці-патрыётку Настассю Фамінічну Купрыянаву з Жодзіна. Дарэчы, вось ён, унікальны здымак – Гагарына, Купрыянава і маці беларускага касманаўта Пятра Клімука, Марфа Паўлаўна, разам. Скульптурна ачэрчаныя твары на фоне славутай жодзінскай скульптурнай кампазіцыі.

-- Я паказваў гэты здымак і скульптарам, і сталічнаму кіраўніцтву. Хацелася, каб з’явіўся такі помнік у Мінску, -- распавядае Мікалай Іванавіч. -- І разглядалі нібыта пытанне. Але месца належнага для скульптуры не вылучылі. Яна ж мусіць быць недзе ў цэнтры горада, на бачным людным месцы. Інакш – навошта?

-- А Гагарына часта бывала ў Мінску?

-- Як мы пазнаёміліся і пасябравалі сем’ямі – пастаянна наведвалася. І жыла ў нас у гасцях месяцамі. Яна цікаўная была. Шмат чаго пабачыць імкнулася. На Курган Славы мы яе вазілі. Дык хаця ногі і балелі ў старой – зайшла на самы верх. У Брэсце пабывала. Ды не адна – з усім сямействам. І пасля – тым жа саставам у Камароўку, на радзіму Клімука заехалі. На месцы Анна Цімафееўна ніколі не сядзела. Шмат выступала перад рознымі калектывамі ў Міску. Ды я таксама, скажам так, не даваў ёй сумаваць у адзіноце. Як быў начальнікам Ленінскага раёна міліцыі – ладзіў там яе сустрэчы з асабістым саставам. Потым быў намеснікам начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Мінска – там калег знаёміў з маці Гагарына. Быў начальнікам крымінальнага вышуку – значыць, ёй перад гэтай аўдыторыяй належала выступаць. Дзеці мае, Ігар і Вольга, праўда, доўга не рашаліся прапанаваць маці першага касманаўта планеты завітаць у іх школу, хаця, канешне, хацелася ім пахваліцца такім знаёмствам перад сябрамі і настаўнікамі. Але Анна Цімафееўна сама зразумела: “А што ж, дзеткі, вы не пакажаце мне сваёй школы?” Яна была далікатны і надта правільны чалавек…

Я пытаюся ў Чаргінца пра тое, што мне падаецца самым галоўным, каб расставіць ў аповедзе яго ўсе акцэнты. Ці бачыўся ён калі з самім Юрыем Гагарыным?

-- Двойчы. Да яго славутага палёту. Гагарын тады курсантам быў. Быў у нас аэрадром у Сочы. І гулялі мы з пілотамі ў футбол. Гагарын асаблівы быў – такі ўсмешлівы, добразычлівы. Ён запомніўся… Прыемна было пасля даведацца пра тое, што менавіта гэты хлопец, з якім сустракаўся, паляцеў у космас. А ў 1972 годзе мой добры друг генерал Васіль Янкоўскі прапанаваў нечакана: хочаш, з сям’ёй Гагарына пазнаёміцца? Янкоўскі сваёй сям’і не стварыў. Але пасябраваў з Гагарынымі, і яны сталі яму як родныя. Давай, кажа Янкоўскі, запросім маці Юрыя ў Мінск? Я згадзіўся. І гэтая жанчына зачаравала мяне сваёй дабратой і непасрэднасцю. Наша дружба дала нам абодвум многае. Анна Цімафееўна пазнаёмілася з многімі беларускімі пісьменнікамі. А я – праз яе – з многімі касманаўтамі, стаў, урэшце, “сваім” у Зорным гарадку. Доўгі час захоўваў на памяць альбомчык з фотаздымкамі касманаўтаў, любоўна сабраных маці Гагарына і падпісаных самімі героямі для мяне па яе просьбе. А яшчэ мне надта дарагая фотакартка, якую я атрымаў у 1984 годзе ў імянным канверціку Анны Цімафееўны пад час службы ў Афганістане. Гагарына была знятая побач з нашым першым спутнікам. А падпісала картку дачка яе Зоя: “Мікалаю Іванавічу на памяць ад Анны Цімафееўны Гагарынай, якая любіла яго, як свайго сына”. Гэты час быў часам, калі мы з усяго рабілі сакрэты, і забаранялі шмат аб чым адкрыта казаць. Атрымаўшы фотаздымак, я зразумеў, што Анны Цімафееўны больш няма сярод жывых…
 

Автор: Ірына МАСЛЯНІЦЫНА