Архив
2526272829301
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
303112345
“Дзень пісьменства — свята пісьменнікаў”

У пярэдадзень Дня беларускага пісьменства мы звярнуліся да старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая ЧАРГІНЦА з просьбай акрэсліць ролю, значэнне свята з пункту гледжання пісьменніцкай грамады краіны.

— Мікалай Іванавіч, з чым прыходзім да свята?

— З кнігамі, новымі творамі. А што можа быць важней для літаратара, як данесці сваё слова да чытача?! Мне імпануе, што ў нашай краіне так шырокамаштабна развіваецца кнігавыдавецкая дзейнасць. І наша творчае супольніцтва, мае калегі, якіх аб’ядноўвае Саюз пісьменнікаў Беларусі, прыкладваюць самыя сур’ёзныя намаганні, каб дзяліцца сваімі творчымі здабыткамі з народам Беларусі. Ці не самы яркі прыклад — выданне “Бібліятэкі Саюза пісьменнікаў Беларусі”, праект, які ажыццяўляецца выдавецтвам “Харвест”. За некалькі апошніх гадоў дзясяткі кніг прозы, паэзіі, публіцыстыкі прыйшлі да чытача ў межах гэтай адмысловай серыі. Асабліва мы падтрымліваем у рамках “Бібліятэкі…” пісьменнікаў старэйшага пакалення. Але ж у выдавецкіх памкненнях СПБ не забываецца і пра моладзь.

 

— У пярэдадзень Дня беларускага пісьменства падводзяцца вынікі Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу…

— Так, і пераможцам яго будуць уручаны ўзнагароды. Ужо сёння можна павіншаваць празаіка Віктара Праўдзіна, які адзначаны за кнігу “Нелюбімыя гінуць”. Паэт Мікола Мятліцкі адзначаны за зборнік “На беразе маім”. Узнёслая, грамадзянская паэзія! У галіне дзіцячай літаратуры пераможцай стала Алена Масла. Яе кніга казак “Першая прыгажуня” сведчыць пра творчы рост пісьменніцы і ўвогуле нашай айчыннай дзіцячай літаратуры. Сярод публіцыстаў перамогу атрымаў Уладзімір Сауліч, аўтар кнігі “Антэі Прыдзвіння”. У галіне літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства за працу “Традыцыйны кітайскі каляндар і славянскія міфічныя паралелі” ўзнагароду атрымае доктар філалагічных навук Таццяна Шамякіна. Валерый Грышкавец прызнаны лепшым перакладчыкам. Сярод драматургаў лепшай вызначана Алена Папова. Казімір Камейша — пераможца ў гісторыка-краязнаўчым жанры. А лепшым песеннікам названы паэт Канстанцін Нілаў за цыкл песень “Вянок Беларусі”. Віншуючы пераможцаў, выказваю спадзяванне, што іх здабыткі заўважаць бібліятэкары, чытачы, арагнізатары культурна-асветніцкай работы. Каб кніга працавала, станавілася падзеяй, патрэбны агульныя грамадскія намаганні. І пісьменнікі Беларусі, якія імкнуцца выкладаць у сваіх творах разважлівую грамадзянскую, дзяржаўную пазіцыю, спадзяюцца на ўвагу да плёну сваёй працы.
 

Автор: "Лiм"